22 сакавіка 1943 года – дзень, адзначаны адной з самых трагічных падзей Вялікай Айчыннай вайны. У гэты дзень вёска Хатынь у Беларусі была знішчана нямецкімі карнікамі. Трагедыя Хатыні і тысяч вёсак і гарадоў з такім жа лёсам – гэта несціхаючы боль у сэрцы беларусаў.
Сёння ў РЛСНЦ адбыўся сход, прысвечаны 81-й гадавіне трагедыі ў вёсцы Хатынь, які стаў сімвалам пакут і гора беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Напярэдадні гэтай журботнай даты быў прадэманстраваны дакументальны фільм «I будзе жыць Хатынь», які крануў душу і сэрца кожнага прысутнага на сходзе: сакавіцкі дзень 1943 года стаў апошнім для 149 хатынцаў. У полымі зніклі 26 дамоў. На месцы лясной вёскі засталіся папялішча ды сіратлівыя трубы печаў.
Супрацоўнікі ўстановы "Рэспубліканскі лясны селекцыйна-насенняводчы цэнтр" усклалі кветкі да вечнага агню Хатыні.
Гісторыя вёскі Хатынь адгукаецца болем у сэрцы кожнага беларуса. 22 сакавіка 1943 года нямецка-фашысцкія захопнікі бязлітасна знішчылі 149 яе жыхароў, у тым ліку 75 дзяцей. Людзей расстрэльвалі і палілі жыўцом – такім крывавым метадам фашысты спрабавалі сцерці з твару зямлі тысячы нашых вёсак і гарадоў. У кожным кутку Беларусі ёсць такія сумна вядомыя месцы, як Хатынь, – сімвалы гора, але ў той жа час непакорлівасці беларускага народа.
У гэту журботную дату мы ўспамінаем ахвяр Вялікай Айчыннай вайны - кожнага трэцяга беларуса, які так і не ўбачыў мірнае неба над сваім домам. Страшна ўявіць, колькі лёсаў абарвалася з-за вар'ятскiх ідэй фашыстаў, колькі людзей страціла сваіх родных і блізкіх.
Наш абавязак - не забываць і перадаваць гісторыю, каб будучыя пакаленні ведалі, як важна берагчы мір і свабоду. Лічу, што дзяржаўны мемарыяльны комплекс «Хатынь» павінен наведаць кожны беларус і аддаць даніну памяці тым, хто загінуў за нашу з вамі свабоду.
Сёння мы абавязаны клапаціцца пра мір і ўмацоўваць адзінства нашага народа. Імкнуцца да таго, каб падобныя трагедыі больш ніколі не паўтарыліся на нашай зямлі. Няхай гадавіна Хатыні будзе напамінам аб неабходнасці міру, згоды і справядлівасці.
Міністр лясной гаспадаркі Аляксандр Кулік
Вёску Хатынь ужо не знайсці на картах Беларусі, вясной 1943 года яна разам з усімі жыхарамі была знішчана фашыстамі. Загінулі 149 чалавек, у тым ліку 75 дзяцей. На месцы спаленай вёскі, у памяць аб загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, быў створаны мемарыяльны комплекс «Хатынь».
Былая вёска Лагойскага раёна Мінскай вобласці Хатынь стала сімвалам трагедыі беларускага народа, журботнай старонкай гісторыі часоў Вялікай Айчыннай вайны.
У Хатыні жылі звычайныя беларускія сяляне, якія апрацоўвалі зямлю, вырошчвалі ўраджай, гадавалі дзяцей, спраўлялі вяселлі і святы.
Трагедыя нагнала Хатынь у марозны сонечны дзень 22 сакавіка 1943 года. Раніцай атрад карнікаў акружыў вёску. З дамоў выгналі старых, дзяцей, жанчын і мужчын. Хворых і нямоглых падштурхоўвалі прыкладамі. Усіх іх сагналі ў хлеў на ўскрайку і падпалілі. Згарэлі 149 чалавек, у тым ліку 75 дзяцей. Тых, хто спрабаваў выратавацца, расстрэльвалі. У полымі, якое ахапіла ўсю вёску, зніклі 26 дамоў. Цудам выратаваліся 5 дзяцей і 1 дарослы - Іосіф Камінскі (прататып скульптуры «Непакорны чалавек»).
На месцы былой вёскі (54 км ад Мінска) у памяць аб ахвярах фашызму на тэрыторыі Беларусі ўзведзены мемарыяльны комплекс «Хатынь». Архітэктары: Ю.Градаў, В.Занковіч, Л.Левін, скульптар С.Селіханаў. Комплекс паўтарае планіроўку былой вёскі, уключае элементы Могілкі вёсак, Плошчу Памяці, Сцяну Смутку, Дрэва жыцця.
Мемарыял адкрыты 5 ліпеня 1969 года, з таго часу стаў месцам усенароднага пакланення. Наведвальнікаў сустракае бронзавая скульптура Непакоранага чалавека, які паўстаў жывым з агню, вынес адтуль цела мёртвага хлопчыка і нясе яго, нясе праз гады, як бы прамаўляючы сваімі сціснутымі вуснамі вечны праклён фашызму, праклён любому злу на Зямлі.
Побач, на месцы хлява, дзе фашысты спалілі жыхароў Хатыні, чорная пліта, якая нагадвае дах, які стаў апошнім прытулкам загінуўшым. На брацкай магіле Вянок Памяці з белага мармуру са словамі наказу мёртвых жывым: «Людзі добрыя, памятайце: любілі мы жыццё і Радзіму нашу, і Вас, дарагія. Мы згарэлі жывымі ў агні. Наша просьба да ўсіх: няхай смутак ператворыцца ў мужнасць вашу і сілу, каб змаглі вы зацвердзіць навечна мір і спакой на Зямлі. Каб з гэтага часу нідзе і ніколі ў віхуры пажараў жыццё не памірала!». З іншага боку Вянка адказ жывых загінуўшым: «Родныя вы нашы. Галовы ў смутку вялікiм схіліўшы, стаім перад вамі. Вы не пакарыліся фашысцкім забойцам у чорныя дні ліхалецця. Вы прынялі смерць, але полымя любовi да Радзімы нашай савецкай навекi не згасне. Памяць пра вас у народзе несмяротная, як вечная наша Зямля і вечна яркае сонца над ёю».
Былая вясковая вуліца выкладзена шэрымі (пад колер попелу) жалезабетоннымі плітамі. На месцы кожнай спаленай хаты - вянок зруба з шэрага жалезабетону, усярэдзіне яго абеліск у выглядзе печкавай трубы з мемарыяльнай плітой, на якой прозвішчы і імёны спаленых жыхароў хаты, наверсе - звон; у кожнага вянка зруба жалезабетонная брамка. 26 хатынскіх званоў разносяць па свеце горкую памяць зямлі беларускай. Завяршае мемарыяльны комплекс Дрэва жыцця з назвамі 433 вёсак рэспублікі, знішчаных разам з жыхарамі і адроджаных пасля вайны.
Мемарыяльны комплекс «Хатынь» - сімвал народнай памяці. Мала дзе ў свеце бывае такая задуменная, напружаная цішыня, як у Хатыні, - толькі шоргат крокаў на бетонных сцежках, толькі глухія ўдары званоў. Журботная цішыня... Яна хавае ў сабе і гул лютага агню, і дзіцячы плач, і адчайныя крыкі маці, і гнеўныя праклёны паміраючых у полымі мужчын. Суровым і лаканічным мовай распавядае мемарыял аб мужнасці і непакорлівасці беларускага народа.
За 33 гады існавання мемарыяльны комплекс наведалі каля 35 мільёнаў чалавек больш як са 100 краін свету. У ліку ганаровых наведвальнікаў комплексу - Генеральныя сакратары ААН У Тан і Х. Перэс дэ Куэльяр; дзяржаўныя лідэры Рычард Ніксан, Раджыў Гандзі, Фідэль Кастра, Ясір Арафат, Урхо Калева Кекконен, Нурсултан Назарбаеў, Роберт Качаран, Ху Цзіньтаа і многія іншыя.
Мемарыяльны комплекс «Хатынь» быў цалкам адрэстаўраваны да 60-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На гэтыя мэты было выдаткавана каля 1,2 мільярда рублёў, у тым ліку Мінскім аблвыканкамам - 400 мільёнаў рублёў.
Першага ліпеня 2004 года дзяржаўны мемарыяльны комплекс «Хатынь» наведалі Прэзідэнты Беларусі, Расіі і Украіны.
Крыніца: minsk-region.gov.by
Міністэрства лясной гаспадаркі паведамляе пра старт традыцыйнай рэспубліканскай добраахвотнай акцыі «Аднавім лясы разам!». Сёлета ва ўсіх ахвотных будзе яшчэ больш часу, каб далучыцца да акцыі і пасадзіць сваё дрэва. Бо ў гэтым годзе яна пройдзе з 23 сакавіка па 20 красавіка і будзе прысвечана Году якасці.
Мы запрашаем ведамствы, арганізацыі і валанцёраў падключыцца да нашай добрай ініцыятывы па аднаўленні лясоў. Прыняць удзел у акцыі «Аднавім лясы разам!» можа любы ахвотны. Для гэтага дастаткова звярнуцца ў бліжэйшы лясгас або лясніцтва, дзе вас забяспечаць пасадачным матэрыялам і пакажуць участак для пасадкі лясных культур.
Не заставайцеся ў баку, пасадзіце сваё дрэва!
© 2012-2020 У «Рэспубліканскі лясны селекцыйна-насенняводчы цэнтр»
Усе правы абаронены
Распрацоўка сайта
Цэнтр выгадных рашэнняў