Вёску Хатынь ужо не знайсці на картах Беларусі, вясной 1943 года яна разам з усімі жыхарамі была знішчана фашыстамі. Загінулі 149 чалавек, у тым ліку 75 дзяцей. На месцы спаленай вёскі, у памяць аб загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, быў створаны мемарыяльны комплекс «Хатынь».
Былая вёска Лагойскага раёна Мінскай вобласці Хатынь стала сімвалам трагедыі беларускага народа, журботнай старонкай гісторыі часоў Вялікай Айчыннай вайны.
У Хатыні жылі звычайныя беларускія сяляне, якія апрацоўвалі зямлю, вырошчвалі ўраджай, гадавалі дзяцей, спраўлялі вяселлі і святы.
Трагедыя нагнала Хатынь у марозны сонечны дзень 22 сакавіка 1943 года. Раніцай атрад карнікаў акружыў вёску. З дамоў выгналі старых, дзяцей, жанчын і мужчын. Хворых і нямоглых падштурхоўвалі прыкладамі. Усіх іх сагналі ў хлеў на ўскрайку і падпалілі. Згарэлі 149 чалавек, у тым ліку 75 дзяцей. Тых, хто спрабаваў выратавацца, расстрэльвалі. У полымі, якое ахапіла ўсю вёску, зніклі 26 дамоў. Цудам выратаваліся 5 дзяцей і 1 дарослы - Іосіф Камінскі (прататып скульптуры «Непакорны чалавек»).
На месцы былой вёскі (54 км ад Мінска) у памяць аб ахвярах фашызму на тэрыторыі Беларусі ўзведзены мемарыяльны комплекс «Хатынь». Архітэктары: Ю.Градаў, В.Занковіч, Л.Левін, скульптар С.Селіханаў. Комплекс паўтарае планіроўку былой вёскі, уключае элементы Могілкі вёсак, Плошчу Памяці, Сцяну Смутку, Дрэва жыцця.
Мемарыял адкрыты 5 ліпеня 1969 года, з таго часу стаў месцам усенароднага пакланення. Наведвальнікаў сустракае бронзавая скульптура Непакоранага чалавека, які паўстаў жывым з агню, вынес адтуль цела мёртвага хлопчыка і нясе яго, нясе праз гады, як бы прамаўляючы сваімі сціснутымі вуснамі вечны праклён фашызму, праклён любому злу на Зямлі.
Побач, на месцы хлява, дзе фашысты спалілі жыхароў Хатыні, чорная пліта, якая нагадвае дах, які стаў апошнім прытулкам загінуўшым. На брацкай магіле Вянок Памяці з белага мармуру са словамі наказу мёртвых жывым: «Людзі добрыя, памятайце: любілі мы жыццё і Радзіму нашу, і Вас, дарагія. Мы згарэлі жывымі ў агні. Наша просьба да ўсіх: няхай смутак ператворыцца ў мужнасць вашу і сілу, каб змаглі вы зацвердзіць навечна мір і спакой на Зямлі. Каб з гэтага часу нідзе і ніколі ў віхуры пажараў жыццё не памірала!». З іншага боку Вянка адказ жывых загінуўшым: «Родныя вы нашы. Галовы ў смутку вялікiм схіліўшы, стаім перад вамі. Вы не пакарыліся фашысцкім забойцам у чорныя дні ліхалецця. Вы прынялі смерць, але полымя любовi да Радзімы нашай савецкай навекi не згасне. Памяць пра вас у народзе несмяротная, як вечная наша Зямля і вечна яркае сонца над ёю».
Былая вясковая вуліца выкладзена шэрымі (пад колер попелу) жалезабетоннымі плітамі. На месцы кожнай спаленай хаты - вянок зруба з шэрага жалезабетону, усярэдзіне яго абеліск у выглядзе печкавай трубы з мемарыяльнай плітой, на якой прозвішчы і імёны спаленых жыхароў хаты, наверсе - звон; у кожнага вянка зруба жалезабетонная брамка. 26 хатынскіх званоў разносяць па свеце горкую памяць зямлі беларускай. Завяршае мемарыяльны комплекс Дрэва жыцця з назвамі 433 вёсак рэспублікі, знішчаных разам з жыхарамі і адроджаных пасля вайны.
Мемарыяльны комплекс «Хатынь» - сімвал народнай памяці. Мала дзе ў свеце бывае такая задуменная, напружаная цішыня, як у Хатыні, - толькі шоргат крокаў на бетонных сцежках, толькі глухія ўдары званоў. Журботная цішыня... Яна хавае ў сабе і гул лютага агню, і дзіцячы плач, і адчайныя крыкі маці, і гнеўныя праклёны паміраючых у полымі мужчын. Суровым і лаканічным мовай распавядае мемарыял аб мужнасці і непакорлівасці беларускага народа.
За 33 гады існавання мемарыяльны комплекс наведалі каля 35 мільёнаў чалавек больш як са 100 краін свету. У ліку ганаровых наведвальнікаў комплексу - Генеральныя сакратары ААН У Тан і Х. Перэс дэ Куэльяр; дзяржаўныя лідэры Рычард Ніксан, Раджыў Гандзі, Фідэль Кастра, Ясір Арафат, Урхо Калева Кекконен, Нурсултан Назарбаеў, Роберт Качаран, Ху Цзіньтаа і многія іншыя.
Мемарыяльны комплекс «Хатынь» быў цалкам адрэстаўраваны да 60-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На гэтыя мэты было выдаткавана каля 1,2 мільярда рублёў, у тым ліку Мінскім аблвыканкамам - 400 мільёнаў рублёў.
Першага ліпеня 2004 года дзяржаўны мемарыяльны комплекс «Хатынь» наведалі Прэзідэнты Беларусі, Расіі і Украіны.
Крыніца: minsk-region.gov.by