Установа
Рэспубліканскі лясны селекцыйна-насенняводчы цэнтр

1 Мая - Дзень працы

Экспарт:
Падзяліцца:
  • Друкаваць
  • Email
  • Беларусь адзначае 1 Мая. Дзень працы. Свята традыцыйнае, свята міжнароднае. Са сваёй гісторыяй і маштабам.

    Гэта свята традыцыйна адзначае Беларусь, а яшчэ Аўстралія, ЗША (праўда, у верасні), Канада, Еўропа. Нават Мальдывы і Багамы, дзе, здавалася б, наогул не да працы, а жыццё – суцэльны адпачынак. Адно з самых, аказваецца, адзначаемых святаў свету. Больш чым паўсотні дзяржаў святкуюць афіцыйна і зрабілі гэты дзень выхадным.

    Майскія святы маюць старажытную гісторыю. Тры тысячы гадоў таму жыхары старажытнай Італіі пакланяліся багіні Майі – заступніцы зямлі і ўрадлівасці. У гонар яе апошні месяц вясны назвалі маем, а ў яго першы дзень ладзiлiся гулянні і ўрачыстасці.

    Гісторыя свята 1 Мая, Дня салідарнасці працоўных, пачынаецца з 1886 года. 1 мая 1886 года Чыкагскія рабочыя арганізавалі забастоўку і дэманстрацыю з патрабаваннямі 8-гадзіннага працоўнага дня. Акцыя скончылася кровапралітным сутыкненнем з паліцыяй, што прывяло да масавых ахвяр сярод дэманстрантаў. Праз тры гады, у ліпені 1889 г., Парыжскі кангрэс II Інтэрнацыяналу назваў 1 мая Днём салідарнасці працоўных усяго свету і прапанаваў штогод адзначаць яго дэманстрацыямі.

    У Расійскай імперыі гэта свята ўпершыню адзначылі ў 1890 годзе ў Варшаве правядзеннем Першамайскай стачкі рабочых. На наступны год у Пецярбургу адбылася першая маёўка. З 1897 года маёўкі сталі насіць палітычны характар і суправаджацца масавымі дэманстрацыямі. У дарэвалюцыйны час першамайскія маёўкі рабочых праходзілі і ў Беларусі.

    У 1917 годзе 1 мая ўпершыню адсвяткавалі адкрыта. У многіх гарадах Расіі мільёны рабочых выйшлі на вуліцы з лозунгамі "Уся ўлада Саветам", "Далоў міністраў-капіталістаў". Па сапраўднаму масавым святам 1 мая стаў у СССР. І гэта сапраўды было свята для савецкіх працоўных. Доўгі час дзень 1 мая адзначаўся як Дзень міжнароднай салідарнасці працоўных усіх краін. У гады перабудовы дэманстрацыі на вуліцах вёсак і гарадоў спыніліся. Некаторыя дзеячы пастараліся выкрасліць гэту дату з пераліку афіцыйных святаў. Але працоўны народ у розных краінах па-ранейшаму адзначае Дзень салідарнасці працоўных.

    У 1997 годзе гэта свята перайменавалі ў Свята вясны і працы. А яшчэ Першамай называлі святам вясны. Ён сапраўды быў першым вясновым святам, не лічачы Вялікадня. Людзі радаваліся абнаўленню прыроды і дружна ішлі на дэманстрацыю, якая была не толькі палітычнай акцыяй, але і давала магчымасць сустрэцца з сябрамі, убачыць свой калектыў. Пасля дэманстрацыі было прынята хадзіць адзін да аднаго ў госці. Да гэтага часу шмат хто памятае легендарныя "МIР! ПРАЦА! МАЙ!".

    Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 157 ад 26.03.1998 г. Дзень працы ўстаноўлены як агульнарэспубліканскі святочны дзень. У Беларусі з'яўляецца непрацоўным днём. Штогод праводзяцца мітынгі ў гонар гэтага свята. Народ ушаноўвае людзей, якія дасягнулі важных поспехаў у розных сферах вытворчасці і культуры. У гэты дзень прынята падводзіць вынікі, вызначаць перспектывы і верыць, што намечаныя высакародныя мэты абавязкова будуць дасягнуты, што чалавек працы заўсёды быў, ёсць і застанецца галоўным героем нашага жыцця.

    30.04.2024 Крыніца:

    © 2012-2020 У «Рэспубліканскі лясны селекцыйна-насенняводчы цэнтр»
    Усе правы абаронены

    Распрацоўка сайта
    Цэнтр выгадных рашэнняў