Установа
Рэспубліканскі лясны селекцыйна-насенняводчы цэнтр

30 гадоў асноўнаму закону краіны — Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь

Экспарт:
Падзяліцца:
  • Друкаваць
  • Email
  • 15 сакавіка ў нашай краіне адзначаюць адно з галоўных дзяржаўных свят - Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. У гэтым, 2024 годзе, спаўняецца 30 гадоў Асноўнаму Закону краіны, які мае вышэйшую юрыдычную сілу і замацоўвае асноўныя прынцыпы і нормы прававога рэгулявання важнейшых грамадскіх адносін. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь замацавала статус рэспублікі як унітарнай дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы, устанавіла прынцыпы дэмакратычнага ладу, прыярытэт правоў і свабод чалавека, вяршэнства міжнароднага права. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь вызначае дзяржаўны лад, устанаўлівае прынцыпы выбарчай сістэмы, рэгулюе ўтварэнне органаў улады, замацоўвае правы і абавязкі грамадзян. Вышэйшай каштоўнасцю Канстытуцыя аб'яўляе чалавека і яго жыццё, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі. Гэты дакумент заклаў трывалы прававы фундамент незалежнасці, рэалізаваў імкненне беларускага народа быць паўнапраўным гаспадаром на роднай зямлі.

    З гісторыі канстытуцыі

    Паняцце «constitutio» перакладаецца з латыні як «установа, прылада».

    Менавіта на тэрыторыі Беларусі дзейнічала адна з першых канстытуцый сярэднявечнай Еўропы - Статут Вялікага Княства Літоўскага. У савецкі перыяд нашай гісторыі першая Канстытуцыя Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь (ССРБ) была прынята на І з'ездзе Саветаў Беларусі 3 лютага 1919 года. Яе змест быў прасякнуты ідэяй дыктатуры пралетарыяту, якая і была непасрэдна замацавана ў Канстытуцыі. Пазней яна неаднаразова мянялася.

    У гісторыі беларускай дзяржавы налічваецца пяць Канстытуцый: 1919, 1927,1937,1978 і 1994 гады.

    Першая Канстытуцыя была прынята Першым Усебеларускім з'ездам Саветаў 3 лютага 1919 года. З усіх савецкіх Канстытуцый яна была ў найбольшай ступені палітызаванай і пазбаўляла асобных асоб і групы асоб шэрагу правоў і свабод.

    Другая Канстытуцыя БССР была прынята VIII Усебеларускім з'ездам Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў 11 красавіка 1927 года. Гэта Канстытуцыя пазбаўляла палітычных правоў непрацоўныя класы грамадства, замацоўвала няроўнасць у выбарчых правах паміж працоўнымі класамі і класамі сялян, выбары былі не прамымі.

    Трэцяя Канстытуцыя БССР была прынята на надзвычайным XII з'ездзе Саветаў Беларусі 19 лютага 1937 года. Канстытуцыя насіла, у асноўным, фіктыўны характар. Яна не забяспечвала на практыцы правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі, якія абвяшчаліся ў Канстытуцыі.

    Чацвертая Канстытуцыя БССР прынята Вярхоўным Саветам 13 красавіка 1978 года. У Канстытуцыю ўносіліся шматлікія змены і дапаўненні, што сведчыла аб яе нестабільнасці.

    У сувязі з распадам СССР узнікла неабходнасць у новай Канстытуцыі – Канстытуцыі суверэннай Рэспублікі Беларусь. Праект Канстытуцыі на працягу чатырох гадоў (1990-1994) разглядаўся ў Вярхоўным савеце і абмяркоўваўся грамадзянамі рэспублікі.

    27 ліпеня 1990 года была прынята Дэкларацыя Вярхоўнага Савета «Аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь». Дэкларацыя абвясціла «поўны дзяржаўны суверэнітэт Рэспублікі Беларусь як вяршэнства, самастойнасць і паўнату дзяржаўнай улады рэспублікі ў межах яе тэрыторыі, правамоцнасць яе законаў, незалежнасць рэспублікі ў знешніх адносінах». У далейшым, 25 жніўня 1991 года, Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце спец законам быў нададзены статус канстытуцыйнага закона, на падставе якога былі ўнесены змяненні і дапаўненні ў Канстытуцыю 1978 года.

    Пятая беларуская Канстытуцыя была прынята 15 сакавіка 1994 года і працягвае заставацца прававой асновай беларускай дзяржавы. Папраўкі ў Канстытуцыю ўносіліся 24 лістапада 1996 года, 17 кастрычніка 2004 года і 27 лютага 2022 года па выніках рэферэндумаў.

    Сучасная канстытуцыя Рэспублікі Беларусь

    Абноўленая Канстытуцыя ў Рэспубліцы Беларусь пачала дзейнічаць 15 сакавіка 2022 года.

    Структура Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой сістэму канстытуцыйных норм і мае прэамбулу (ўступленне), асноўную частку, заключныя і пераходныя палажэнні. Цяпер Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь змяшчае 9 раздзелаў, 9 глаў і 156 артыкулаў.

    Найважнейшай канстытуцыйнай нормай з'яўляецца палажэнне артыкула 2, якое вызначае іерархію каштоўнасцяў у краіне. Згодна з дадзеным артыкулам чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з'яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы.

    У адпаведнасці з артыкулам 7 Канстытуцыі і артыкулам 23 Закона «Аб нарматыўных прававых актах» Канстытуцыя мае вышэйшую юрыдычную сілу і прамое дзеянне на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Іншыя прававыя акты выдаюцца на аснове і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй. Дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы, арганізацыі і грамадзяне дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёй актаў заканадаўства. Трэба адзначыць, што заканадаўства аб адвакатуры таксама грунтуецца на Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

    Да ліку асноўных прынцыпаў, якія пранізваюць нормы Канстытуцыі, варта аднесці:

    • вяршэнства права;
    • гарантыю і захаванне правоў чалавека і грамадзяніна;
    • дэмакратычны парадак фарміравання органаў улады.
    14.03.2024 Крыніца:

    © 2012-2020 У «Рэспубліканскі лясны селекцыйна-насенняводчы цэнтр»
    Усе правы абаронены

    Распрацоўка сайта
    Цэнтр выгадных рашэнняў