Паважаныя работнікі лясной гаспадаркі! Дарагія ветэраны!
Віншую вас з надыходзячым святам - Днём абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь!
Перакананы, што для многіх з вас гэта па-сапраўднаму важнае свята. Бо служба ў войску - тое, што не праходзіць з гадамі, гэта сапраўдная школа жыцця, якая прывівае любоў да сваёй Радзімы, дае разуменне сапраўднай каштоўнасці рэчаў, вучыць дысцыпліне. Я рады, што многія работнікі галіны прайшлі гэту школу.
Гледзячы на тое, што адбываецца сёння ў свеце, усё больш радуешся падарунку звыш: нам дадзена найвялікшая каштоўнасць жыць у міры і згодзе, радавацца поспехам і дасягненням сваёй любімай краіны.
Сёння, будучы кіраўніком, я з настальгіяй успамінаю гады сваёй армейскай службы, шчыра ганаруся тымі маладымі хлопцамі, якія ахвотна ідуць у войска, імкнуцца адкрыць для сябе новы нязведаны свет.
Як неаднаразова падкрэсліваў наш Прэзідэнт, добрае і моцнае войска - адна з ключавых апор беларускай дзяржавы. Менавіта таму ў краіне надаецца вялікая ўвага своечасоваму тэхнічнаму пераўзбраенню і аснашчэнню Узброеных Сіл.
Многія нашы работнікі сёння працуюць у няпростых умовах: абстаноўка на мяжы напружаная. Хачу сказаць, што ў гэтых умовах кожны з Вас, дарагія работнікі галіны, здзяйсняе свой подзвіг. Вы абараняеце Айчыну тым, што не даяце спыніцца нашым вытворчасцям, адказна працуеце на даручаным вам участку, беражліва і з душой ставіцеся да прыроднага багацця краіны. Паверце, гэта вельмі важна.
Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь хачу пажадаць усім нам мірнага неба. Хай беларускія лясы ніколі больш не бачаць вайны, а наша маленькая, але вельмі ўтульная краіна шчасна развіваецца з кожным днём. Любіце сваю працу, любіце сваю сям'ю, любіце сваю краіну.
Са святам!
З павагай, міністр лясной гаспадаркі Аляксандр Кулік