Урад вызначыў, як у Беларусі будзе працаваць адзіная сістэма ўліку і апрацоўкі зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў № 986 ад 30 снежня 2022 года, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.
Дакументам устаноўлены парадак функцыянавання дзяржаўнай адзінай (інтэграванай) рэспубліканскай інфармацыйнай сістэмы ўліку і апрацоўкі зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб, у тым ліку ўнясення ў яе дзяржорганамі і іншымі дзяржарганізацыямі інфармацыі і яе прадастаўлення дзяржарганізацыям, заяўнікам, а таксама ідэнтыфікацыі (аўтарызацыі).
Праз сістэму забяспечваецца магчымасць падачы заяўнікамі электронных зваротаў у дзяржарганізацыі, цэнтралізаваны ўлік і захоўванне электронных і пісьмовых зваротаў, адказаў (паведамленняў) на іх, іншай інфармацыі аб разглядзе або пакіданні без разгляду па сутнасці, аўтаматызацыя працэсаў і кантроль.
Заяўнікі праз сістэму могуць падаваць электронныя звароты і атрымліваць адказы на іх, праглядаць пералік пададзеных зваротаў і статус іх разгляду, а таксама адклікаць іх.
Дзяржарганізацыі павінны накіроўваць заяўнікам адказы на электронныя звароты, фарміраваць справаздачнасць па зваротах і аналізаваць работу з імі ў падпарадкаваных (якія ўваходзяць у склад, сістэму) арганізацыях або па пытаннях, якія адносяцца да кампетэнцыі. Павінны быць вызначаны службовыя асобы, адказныя за вядзенне асабістых электронных кабінетаў дзяржарганізацыі, падпарадкаваных (якія ўваходзяць у склад, сістэму) адасобленых падраздзяленняў, іншых структур, якія не з'яўляюцца юрыдычнымі асобамі.
Сістэма размяшчаецца на рэсурсах рэспубліканскага цэнтра апрацоўкі дадзеных і (або) рэспубліканскай платформы. Доступ карыстальнікаў забяспечваецца пры дапамозе сайта https://обращения.бел. Уладальнікам сістэмы вызначана Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, аператарам - РУП «Цэнтр лічбавага развіцця». Акрамя таго, павінна быць рэалізавана ўзаемадзеянне гэтай сістэмы з сістэмай міжведамаснага электроннага дакументаабароту дзяржаўных органаў Беларусі, адзінай сістэмай ідэнтыфікацыі фізічных і юрыдычных асоб.
Пастанова набыла моц з 30 снежня 2022 года.
ІА «БелТА»
Фота з адкрытых інтэрнэт-крыніц.