Паважаныя работнікі і ветэраны галіны!
Сёння спаўняецца 38 гадоў з дня страшнай не толькі ў гісторыі Беларусі, але і ўсяго чалавецтва, аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі.
Больш за два дзясяткі краін закранула гэта бяда. Радыёактыўнае забруджванне ў рознай ступені закранула амаль усю тэрыторыю нашай краіны, але больш за іншых пацярпелі Брэсцкая, Гомельская і Магілёўская вобласці.
Па гэты дзень мы адчуваем на сабе наступствы гэтай жудаснай трагедыі. Тысячы людзей вымушаны былі пакінуць сваю малую радзіму, у многіх пахіснулася здароўе, хтосьці заўчасна пайшоў з жыцця. Адбілася гэта трагедыя і на стане нашага галоўнага прыроднага рэсурсу – лесу. Па гэты дзень у краіне налічваецца каля 1,5 млн. га лясоў, забруджаных радыёнуклідамі. Гэта больш за 15% ад агульнай плошчы ўсіх лясных насаджэнняў.
Так, рана ці позна гэтыя тэрыторыі ачысцяцца – і мы бачым, што гэты працэс ужо ідзе, але жах ад усведамлення таго, што адбылося, не пакіне нас ніколі. Трагедыя на Чарнобыльскай АЭС так ці інакш закранула практычна кожную беларускую сям'ю.
Менавіта таму ў гадавіну трагедыі мы кожны раз ушаноўваем нашых ліквідатараў. Некалькі сотняў сённяшніх работнікаў лесагаспадарчай галіны прымалі ўдзел у ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай аварыі. Нашы з вамі калегі працавалі на пасяўной у забруджаных зонах, вывозілі радыёактыўныя адходы ў пункт пахавання, хавалі дамы і транспарт, былі задзейнічаны на вывазцы людзей і рэчаў з зоны паражэння, на ўборцы забруджаных тэрыторый, будавалі дарогі, займаліся дэзактывацыяй палёў, ахоўвалі лясы ад пажараў, займаліся паляўнічай здабычай птушак для правядзення аналізаў. Гэта ўсе нашы людзі. Людзі лесу!
Сёння я выказваю шчырую падзяку нашым ліквідатарам-працаўнікам і тым, хто пайшоў на пенсію. Вы - сапраўдныя героі. Прыклад для кожнага з нас. Дзякуй вам!
26 красавіка 1986 назаўжды застанецца ў памяці беларусаў. Але наша з вамі задача зрабіць усё магчымае, каб Чарнобыль больш ніколі не паўтарыўся. А гэта значыць, што перш за ўсё мы абавязаны якасна займацца сваёй справай, памятаючы, што ў будучыні жыць нашым дзецям і ўнукам.
З павагай, Міністр лясной гаспадаркі Аляксандр Кулік